Міжнароднае радыё «Беларусь» абвясціла конкурс «Мая кніга для свету»

среда, 1 марта 2017 г.

| | | 0 коммент.
Нагода — вялікі юбілей беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. 
Форма ўдзелу — сэлфі з любімай кнігай. Людзі з розных краін, маладыя і сталыя, маленькія і старэнькія дасылаюць свае здымкі на адрас радыё. Умовы ўдзелу ў конкурсе можна прачытаць тут.

Пра названы конкурс і іншыя праекты міжнароднага радыё “Беларусь” гутарым з дырэктарам дырэкцыі падрыхтоўкі праграм на замежных мовах Дзмітрыем Занеўскім.

Пра конкурс

— У 2017-м адзначаецца 500-годдзе першай кнігі, надрукаванай Скарынай на беларускай мове, і мы вырашылі адзначыць гэты факт не толькі ў нашых перадачах, праектах культурнага цыклу або навінах, але і праз інтэрактыўны конкурс для слухачоў. На сайце радыё створаны спецыяльны аддзел, пазначаны банерам конкурса. Мы выкладваем фотаздымкі ўдзельнікаў, наведвальнікі сайта за іх галасуюць, і тыя, хто на пэўных этапах атрымаюць найбольшую колькасць галасоў, атрымаюць і наш прыз. Акрамя таго, прадугледжаны і спецыяльныя прызы журы конкурса. Такім чынам, маем два віды судзейства і два наборы пераможцаў, хоць мо яны недзе і супадуць. Гэта не першая спроба інтэрактыву, мы маем пэўны вопыт конкурсаў такога кшталту.
Трэба сказаць, што конкурс далёка не заўсёды з’яўляецца проста конкурсам, рэччу ў сабе. Вяшчаючы на васьмі мовах, радыё “Беларусь” мае магчымасць паглядзець, якія кнігі цікавяць людзей у розных краінах свету і ці чытаюцца наогул папяровыя кнігі. Варта таксама паназіраць, на якіх мовах “конкурсных” кніжак атрымаецца больш і ў якой краіне апынецца больш “конкурсных” чытачоў. Такая вось цікавая ідэя.